У новым навучальным годзе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай пачне працаваць ваенная кафедра. Разуменне асноў і паглыбленае вывучэнне ваеннага рамяства, падрыхтоўка да рэальнай афіцэрскай службы, набыццё унікальнага практычнага вопыту – гэта толькі частка магчымасцяў, якія дае навучанне тут.
Л.С. Мірзатаеў
Новая дзейнасць – гэта таксама і новыя людзі. Леанід Сулейманавіч Мірзатаеў – чалавек з багатым вопытам працы і службы, які ўзначаліць ваенную кафедру. Менавіта ён стане ля вытокаў яе развіцця і задасць вектар руху да высокіх дасягненняў. Больш падрабязна пра перспектывы для студэнтаў ваеннай кафедры чытайце ў нашым інтэрв'ю!
З чаго пачалася Ваша служба і як доўга Вы знаходзіцеся ў шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь?
Служба пачалася з выбару прафесіі ваеннага аўтамабіліста і паступлення ў «Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча» на факультэт інжынерных і аўтамабільных войскаў. Вучылішча пазней было перайменавана ў «Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь». Пасля яе заканчэння на працягу 25 гадоў праходзіў службу на розных пасадах, звязаных з аўтамабільнай справай, пачынаючы з начальніка аўтамабільнай службы асобнага радыётэхнічнага батальёна, заканчваючы камандзірам базы рэзерву аўтамабіляў Узброеных Сіл.
Якія праграмы навучання і спецыялізацыі прапануе ваенная кафедра?
Мы прапануем досыць шырокі спектр навучальных праграм: «Баявое прымяненне падраздзяленняў і воінскіх частак артылерыйскай разведкі»; «Прымяненне падраздзяленняў, воінскіх частак і злучэнняў, узброеных наземнымі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы»; «Баявое прымяненне інжынерна-сапёрных (інжынерных) падраздзяленняў і воінскіх частак»; «Прымяненне аўтамабільных падраздзяленняў, воінскіх частак і злучэнняў агульнавайсковага прызначэння».
Вучэбныя аўдыторыі
Якія магчымасці для прафесійнага росту і кар'ернага развіцця адкрываюцца для студэнтаў, якія скончылі ваенную кафедру?
Па-першае, пасля заканчэння кафедры навучэнцы атрымліваюць ваенную спецыяльнасць нароўні з абранай грамадзянскай. Па-другое, гэта атрыманне афіцэрскага звання афіцэра запасу (лейтэнанта). Па-трэцяе, гэта магчымасць працягу службы ў шэрагах Узброеных сіл і іншых сілавых структурах Рэспублікі Беларусь.
Пры якіх умовах паступаючы на ваенную кафедру мае ўсе шанцы вучыцца тут?
На ваенную кафедру для навучання па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу могуць паступаць студэнты мужчынскага полу Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, якія адпавядаюць наступным крытэрам:
- Узрост: ад 17 да 27 гадоў
- Форма навучання: дзённая (агульная вышэйшая або спецыяльная вышэйшая адукацыя)
- Курс: студэнты першага курса (для студэнтаў спецыяльнасцяў з тэрмінам навучання 4 гады) і студэнты першага і другога курсаў (для студэнтаў спецыяльнасцяў з тэрмінам навучання 4,5 і 5 гадоў)
- Стан здароўя: прыдатныя да вайсковай службы (у тым ліку з нязначнымі абмежаваннямі)
- Грамадзянства: грамадзяне Рэспублікі Беларусь
Якімі асабістымі якасцямі павінен валодаць навучэнец ваеннай кафедры?
Асабістыя якасці навучэнцаў павінны ўключаць у сябе дысцыплінаванасць, арганізатарскія здольнасці, творчую актыўнасць, годныя псіхалагічныя і фізічныя якасці.
Ваенная кафедра Полацкага ўнiверсiтэта
Якія мерапрыемствы плануецца праводзіць для прыцягнення студэнтаў да навучання на ваеннай кафедры і павышэння цікавасці да ваеннай службы?
Плануецца правядзенне мерапрыемстваў па практычнай дэманстрацыі ваеннай тэхнікі з прыцягненнем студэнтаў, наведванне воінскіх часцей гарнізона з правядзеннем азнаямленчых экскурсій, паездкі ў музей Вялікай Айчыннай вайны і Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна».
Якія адрозненні мае навучальны працэс на ваеннай кафедры?
Будуць праводзіцца тэарэтычныя і практычныя заняткі, а асноўным адрозненнем будзе правядзенне вайсковай практыкі ў воінскіх часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па напрамках абранай спецыяльнасці.
Якое пажаданне вы б далі будучым студэнтам ваеннай кафедры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай?
Настойлівасці і ўпэўненасці ў засваенні абранай вамі ваеннай спецыяльнасці і гатоўнасці ў любы момант прымяніць атрыманыя веды і навыкі для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь!