Прарэктар па вучэбнай рабоце – гэта адна з самых адказных пасадаў ва ўніверсітэце. Прафесіянал, які яе займае, адказвае за сутнасць навучальнай установы – навучальны працэс. Новым прарэктарам па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай стала Кацярына Ігараўна Галяшова, кандыдат эканамічных навук, дацэнт кафедры эканомікі.
К.І. Галяшова
Кацярына Ігараўна Галяшова пачала свой акадэмічны шлях у Полацкім універсітэце і скончыла яго з адзнакай. З'яўляючыся маладым спецыялістам, у 2016 годзе яна стала старшынёй Савета маладых навукоўцаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У гэтым жа годзе Кацярына Ігараўна паспяхова абараніла дысертацыю на тэму «Рэалізацыя кадравай дзейнасці ў арганізацыях Рэспублікі Беларусь на падставе ацэнкі і кіравання кадравымі рызыкамі», прадстаўленую на суісканне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук.
У 2017 годзе яна стала лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Полацкага ўніверсітэта «Крыніца Ведаў» у намінацыі «Малады навуковец года».
З 2020 па 2023 гады Кацярына Ігараўна Галяшова займала пасаду дэкана факультэта камп'ютарных навук і электронікі. Кацярына Ігараўна з увагай ставіцца да навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў. Як навуковы кіраўнік, яна матывуе студэнтаў на напісанне навуковых прац і падтрымлівае іх ідэі.
Віншуем Кацярыну Ігараўну з новым этапам у кар'еры і жадаем поспехаў у прафесійнай дзейнасці!